Технологии Google ПереводчикПереводчик



Администрация Фрунзенского района г. Минска  Комитет по образованию Мингорисполкома

Меню раздела

Главная / Сервисы / Архив новoстeй

Сталічная «ПрафВосень»: як за чатыры дні дапамагчы школьнікам знайсці прызванне

Опубликовано: 6 ноября 2025 г.

Падчас канікул упершыню ў Мінску ў межах агульнагарадскога праекта камітэта па адукацыі «ПрафВосень» была арганізавана профільная змена для дзесяцікласнікаў, якія вучацца ў класах прафесійнай накіраванасці. Атрады навучэнцаў педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, медыцынскай, інжынернай, аграрнай накіраванасці былі створаны ў кожным раёне сталіцы і функцыянавалі на базе аздараўленчых лагераў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Адукацыйны інтэнсіў

«Педстарт: будучыня ў тваіх руках» — пад такой назвай у сярэдняй школе № 6 Мінска прайшла профільная педагагічная змена. Прафатрад адчыніў дзверы для навучэнцаў гімназіі № 22 і сярэдніх школ №№ 6, 199, 126. Змена доўжылася ўсяго чатыры дні, але яна стала сапраўдным адукацыйным інтэнсівам.

Педагагічная змена стартавала з экскурсіі па школе і стварэння экрана настрою.  З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік старшыні камітэта па адукацыі Вольга Смірнова. Яна падкрэсліла ключавую ролю педагога ў грамадстве і пажадала навучэнцам максімальна выкарыстоўваць прадастаўленую ім магчымасць для прафесійнага росту і самавызначэння.

— Я заўсёды з вялікай павагай гляджу на тых, хто яшчэ ў школе вырашыў звязаць сваё жыццё з педагогікай. Гэта смелы і ўсвядомлены выбар, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 6 Галіна Гетманчук. — Профільная педагагічная  змена – наша лабараторыя. Тут можна памыляцца, эксперыментаваць, задаваць самыя смелыя і нязручныя пытанні. Гэты час вы павінны выкарыстоўваць на 100%, але не як пасіўныя слухачы, а як актыўныя стваральнікі. Вашы ідэі патрэбны школе і нашай прафесіі.

Ужо з першых гадзін змены яе ўдзельнікі паглыбіліся ў прафесію і даведаліся знутры, як гэта — быць настаўнікам і арганізатарам. На практыкуме «Гульня — справа сур’ёзная» старшакласнікі спасцігалі азы педагагічнага майстэрства па прынцыпе «роўны вучыць роўнага».

— Мы вучыліся арганізоўваць гульні для равеснікаў, — падзялілася ўражаннямі навучэнка 10 класа Марыя Трубчык. — Гэта ўнікальны вопыт. Калі тлумачыш штосьці таварышу, сам пачынаеш разумець прадмет глыбей. А яшчэ гэта здымае бар’ер перад публічным выступленнем. 

Вэб-квест «Падарожжа па Беларусі» садзейнічаў развіццю ў школьнікаў навыкаў каманднай работы, крытычнага мыслення і крэатыўнасці, навучыў, як выкладаць творча і захапляльна. Наведванне школьных музеяў — народнага літаратурнага музея П. Панчанкі і музея «Галасы памяці» — падарыла натхненне і пагрузіла ў багатую гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны.

У другі дзень навучэнцы 11 класа педагагічнай накіраванасці правялі майстар-клас, на якім прадэманстравалі, як арганізаваць дынамічны перапынак для малодшых школьнікаў. Было прадстаўлена шмат крэатыўных ідэй, як зрабіць так, каб дзеці адпачывалі весела і з карысцю. Працуючы ў міні-групах, навучэнцы атрада ў гульнявой форме спрабавалі сябе ў ролі арганізатараў дынамічных перапынкаў. На трэнінгу «Педагагічная карусель»  яны азнаёміліся з метадамі і прыёмамі работы з першакласнікамі. Гэта была сапраўдная карусель майстэрства! Навучэнцы пераходзілі ад станцыі да станцыі, паглыбляючыся ў розныя педагагічныя тэхнікі і методыкі

— Мы паказвалі, як за 10 мінут можна правесці вясёлую размінку, каб дзеці змаглі скінуць напружанне і з новымі сіламі вярнуцца да вучобы, — гаворыць важатая атрада адзінаццацікласніца Марына Пагада. — Здаецца, што ўсё проста, але, калі імкнешся зацікавіць і арганізаваць нават невялікую групу, разумееш, наколькі гэта адказная работа. 

Удзельнікі змены здзейснілі віртуальную экскурсію «Сцежкамі малой радзімы» і паспрабавалі сябе ў ролі экскурсаводаў: павучыліся захапляльна расказваць і ўтрымліваць увагу аўдыторыі.

Дзень педагагічных проб прайшоў пад назвай «Пуцёўка на адзін дзень». Будучыя педагогі арганізавалі інтэлектуальныя гульні з навучэнцамі школьнага лагера «Асарці» і выхаванцамі дзіцячага сада № 200, правялі майстар-клас «Ачумелыя ручкі» па вырабе забаўных мультыплікацыйных жывёл. Хваляванне, першыя памылкі, радасць ад паспяхова праведзенага мерапрыемства — усё гэта стала каштоўным вопытам для ўдзельнікаў змены.

— Я праводзіў гульню на свежым паветры для навучэнцаў аздараўленчага лагера, — расказаў Арцём Месензаў. — Іх энергія невычэрпная! Самы каштоўны момант – калі бачыш ззяючыя вочы дзяцей і чуеш іх смех. У такія хвіліны разумееш: дзеля гэтага і варта стаць педагогам.

На базе дзіцячых садоў №№ 76 і 200 старшакласнікі азнаёміліся з работай выхавальніка. Змястоўнай і пазнавальнай была прафарыентацыйная экскурсія ў індустрыяльна-педагагічны каледж.

Завяршылася змена агульнагарадскім мерапрыемствам — дыялогам «100 пытанняў рэктарам» і наведваннем БДПУ. А яе кульмінацыяй стала абарона сумеснага праекта «Настаўнік будучыні нараджаецца сёння!».

— Профільная змена «Педстарт» даказала сваю эфектыўнасць. Гэта не проста набор мерапрыемстваў, а выбудаваная сістэма пагружэння ў прафесію: ад знаёмства і тэорыі праз практыку да рэальнага ўзаемадзеяння з дзіцячай аўдыторыяй. Гэта інвестыцыя ў будучыню, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Марына Ямаліева. — Мы бачым, як запальваюцца вочы ў нашых дзяцей, як яны пераадольваюць боязь, вучацца працаваць у камандзе і несці адказнасць за малодшых. Мы не проста агітуем за прафесію — мы даём ім магчымасць яе «пражыць». Несумненна, многія пасля гэтага зробяць усвядомлены выбар на карысць педагогікі.